ТУ́РАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛАНЦАЎ.
Размешчана на плошчы 1372 км² паміж г.п. Тураў, вёскамі Боркі, Хваенск, Азяраны Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. і Сямігосцічы, Лядзец, Хорск, Альпень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы карбанатна-тэрыгенных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы цёмна-шэрага колеру, танкаплітчатыя, з роўнымі паверхнямі пластоў, з вуглавата-ступеньчатым зломам. Характэрна лінзападобна-хвалістая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—3,7 м, глыб. залягання 64—507 м. Цеплата згарання 4,2—8,6 МДж/кг, попельнасць ад 63 да 80%. Перспектыўныя запасы каля 2,7 млрд. т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу на выраб лёгкіх бетонаў, ячэістых уцяпляльнікаў, аглапарыту, а таксама на вапнаванне кіслых глеб і ў дарожным буд-ве.
т. 16, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)